Четверг, Декабрь 12

Гарадзенскія святары пра жывёл, энергарэсурсы і здаровы лад жыцця

4 кастрычніка ва ўсім свеце святкуецца Сусветны дзень абароны жывёл (World Animal Day). Гэты дзень вядомы як дзень памяці каталіцкага святога Францыска Асізкага, які лічыцца апекуном жывёл. У многіх краінах свету праводзяцца адмысловыя набажэнствы, падчас каторых асвячаюць хатніх гадаванцаў. У сувязі з гэтым Гродзенскі Зялёны партал пацікавіўся ў святароў розных канфесій, наколькі яны дбаюць пра экалогію і ці згадваюцца пытанні абароны навакольнага асяроддзя ў працы з вернікамі.

Цифровая репродукция находится в интернет-музее Gallerix.ru

Айцец Яўген Голуб OFMConv, францішканскі касцёл Маці Божай Анёльскай у Гродне:

Бог даў нам гэты свет ў карыстанне, таму маем адказнасць і гонар захаваць тое, што ў ім прыгожае і непаўторнае. Экалагічнасць чалавека — справа, безумоўна, важная. Але дбайнасць пра наваколле павінна спалучацца з клопатам пра другога чалавека і экалогіяй уласнай душы. Менавіта такія праявы экалогіі важныя для мяне асабіста. Пры парафіі мы вялікую ўвагу надаем ландшафтнаму дызайну: садзім і гадуем розныя расліны, кветкі, каб гэта цешыла вока нашых парафіян. Святога Францішка – нашага патрона — лічаць апекуном жывёл, але гэта не самая важная частка яго харызмы. Найперш сваім жыццём ён сведчыць, што Бог ёсць Любоў, а чалавек — частка гэтага свету. Праз любоў да жывёл чалавек клапоціцца і пра гэты свет, ён выхоўвае ў сабе адказнасць. Таму і я станоўча стаўлюся да жывёл. Сам трымаю дома чырвонавухую чарапаху. Мне цікава за ёй назіраць, пазнаваць праз гэта малое Божае стварэнне мудрасць і пачуццё гумару яго Створцы.

Айцец Андрэй Крот, душпастар гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай:

Эказвычкі я ў сабе ўвесь час выхоўваю. Напрыклад, з дзяцінства за ўсімі выключаю непатрэбнае святло. Цяпер асобна збіраю макулатуру і пластык. Баначкі з-пад смятаны ці ёгурту стараемся выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах. З-за спецыфікі працы рэгулярна накапліваюцца пустыя бутэлькі з-пад віна. Іх і сабраную макулатуру некалькі разоў на год адвожу на пункт прыёму другаснай сыравіны. І яшчэ ў мяне адна эказвычка на ўзроўні рэфлексу: не зразаю дарогу па газонах. Я вельмі люблю хатніх жывёл, але мы іх не трымаем, бо ў жонкі на іх алергія. Нядаўна змяніў машыну на ровар. Праца ў мяне такая, што даводзіцца шмат сядзець: пісаць, чытаць. Ровар дае мне магчымасць руху, рэгулярна езджу на ім па шматлікіх справах. Не так даўно ўсталявалі на парафіі велапаркоўку. Гэта для нас актуальна, паколькі некалькі парафіян пастаянна ездзяць на ровары. Вернікаў асабліва не заахвочваю да экалагічнага ладу жыцця, бо многія з іх самі за здаровы і экалагічны лад жыцця. Хутчэй я ў іх вучуся.

Уладзімір Татарнікаў, пастар Лютэранскай царквы св. Іаана ў Гродне:

Я б не сказаў, што я вельмі экалагічны чалавек, але на ўласным досведзе пераканаўся, што зусім простыя экалагічныя парады могуць зберагчы нашы грошы і дапамагчы нашай планеце. Я лічу, што тыя рэсурсы (сонца, вецер, ваду), якія даў нам Бог, мы павінны выкарыстоўваць. Наша лютэранская супольнасць займаецца пытаннямі экалогіі. Мы сарціруем смецце, кантралюем выкарыстанне вады, святла, цяпла. Для прыхаджан праводзім трэнінгі на гэтую тэму. І цяпер мы бачым, што элементарныя правілы — эканомія святла, вады падчас прыняцця душа, а не ванны, выкарыстанне палатнянай торбы замест поліэтыленавага пакета — дазваляюць эканоміць грошы, якія можна выкарыстаць на сябе, сваю сям’ю або добрую справу. На дадзеным этапе мы прайшлі ўзгадненне на ўсталяванне сонечных батарэй на даху прыбудовы да будынка кірхі.

Протаіерэй Георгій Субаткоўскі, благачынны Зельвенскай акругі, кіраўнік экалагічнага аддзела Гродзенскай епархіі, настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Троіцы г.п. Зельва

Пасада абавязвае мяне быць экалагічным: я стараюся берагчы энергарэсурсы, езджу на ровары, карыстаюся для пакупак шматразовай палатнянай торбай. Пры нашым храме арганізаваны паасобны збор смецця і батарэек, праводзяцца семінары на экатэму. На царкоўным доме пры прыходзе ў Сынковічах стаяць энергазберагальныя калектары, дзейнічае экалагічныя каналізацыя. Паколькі я з’яўляюся кіраўніком экалагічнага аддзела Гродзенскай епархіі, то мая экалагічная дзейнасць становіцца больш шырокай і вымагае больш высілкаў. Дарэчы, Гродзенская епархія адзіная ў Рускай Праваслаўнай Царкве, пры якой ёсць экалагічны аддзел. Адным з нашых дасягненняў з’яўляецца стварэнне экакаманд пры прыходах, дзе дзеці вучацца берагчы энергарэсурсы, вырошчваць кветкі. Летам мы арганізуем экалагічныя злёты, куды запрашаем моладзь з Беларусі, з з-за мяжы. Падчас злётаў ладзім розныя майстар-класы.

источник  — http://greenbelarus.info/

 

 

Контакты:
Юшкевич Сергей
e-mail: ecotvorenie@gmail.com
тел: +375292527145

Выставка Человек и творение